Я зноў ад шчасця сам не свой –
Збылася мара запаветная:
І зноў любуюся табой,
Мая ты вёска – ява светлая.
А навокал такая ціш
І пах няскошанай аселцы!
Як зачарованы, стаіш,
Што гэта ты, вачам не верыцца.
Усё тут змалку люба мне:
І сіні дым, што па-над хатамі,
І клёкат бусла на гумне,
І луг, і поле, і аратыя.
Праз тоўсты занавес гадоў,
Што зніклі птушкаю імкліваю,
Шукаю босых я слядоў
Свайго дзяцінства сіратлівага.
Яму крычу: а-у, а-у!
Махаю ветліва хусцінкаю,
Ды толькі росы на траву
Кладуцца буйнымі слязінкамі…
Жыві, іскрыся, вугалёк,
У сэрцы песняй неўміручаю,
Маёй Радзімы вугалок,
Зярнятка буйнае, жывучае!