Проза Салата И. А.

Красавіцкая раніца

         Раніца. Пачатак красавіка. На захадзе відаць абрысы бляклага, амаль празрыстага месяца. Здаецца, што ён уцякае ад асляпляльных промняў сонца, якое толькі што ярка запаліла свой вогненны дыск, і рашуча пачынае дзённую вандроўку па хвалях бяскрайняга неба. А месяц становіцца ўсё меншым і меншым, нібы размываецца ў ранішнім блакіце, і хутка зусім знікае.

У нізінах шызы туман паступова рассейваецца, быццам дае дарогу промням, якія ўпэўнена прабіваюцца праз яго бязважкую заслону. І вось перад вачыма паўстае срэбная роўнядзь аксамітных палёў, дзе невялікая сямейка ланяў харчуецца азімінай. Да чаго ж яны вабныя ў ранішняй смузе! Жывёлы зусім не адчуваюць небяспекі – прывыклі да людской увагі.

Там, дзе канчаецца поле, разліліся паплавы. Вада пакінула на сваім шляху невялічкія астраўкі. На іх рыжымі венічкамі ўзвышаецца леташняя асака. Кусты вербалозу ўжо ўпрыгожаны пухнатымі жоўта-шэрымі каткамі. Над паплавамі, нягледзячы на невялікі марозік, кіпіць жыццё. Крыклівыя кнігаўкі то плаваюць, то падымаюцца ў паветра і з гучным кігіканнем праносяцца над вадою, дзе белыя чаплі ў суседстве з шэрымі прыглядваюць сабе месца для гняздоўя. Крыху далей, у больш глыбокім месцы, плавае пара белых лебедзяў. Яны, напэўна, таксама шукаюць купіну для гнязда. А каля самага берага ад невялікага марозіка сцялася вада. Застылае шкло пакрылася адмысловым узорам, а промні сонца пераламляюцца ў прыбярэжным люстэрку. Ад гэтага прастора становіцца святлейшай, бліскучай.

Раптам над паплавамі праплыў бусел. Ён нядоўга пакружыў у небе, агледзеў усё вакол, а потым павольна апусціўся на адзін з астраўкоў. Вось ён, сёлетні першы бусел! Значыць, хутка цяпло! Значыць, хутка на поўную моц закрасуе вясна.

 

Вясновы водар

Вясна! Прыйшла вясна. Няспынны бег часу… Адна пара года змяняе другую. Яшчэ нядаўна шчыравала зіма, а зараз вясновы водар лёгка разыходзіцца па наваколлі. Паветра патыхае вільготнай свежасцю, наскрозь працята звонкім сонечным святлом. Менавіта ў гэты час, гледзячы на празрыстае вясновае трымценне, і нараджаюцца мары-летуценні, якія могуць занесці ох як далёка! І гэтае далёка ўяўляецца з’явамі чароўнымі, вабнымі, магічнымі…

Вясна! Гэта доўгачаканыя гукі бразготкі, якія спачатку сцішана, нясмела чуюцца над зямлёй, а потым, набраўшыся сілы, увішна ляцяць ў вышыню, да сонца. А яно, ласкавае і шчодрае, поіць сваім жывільным святлом усё на сваім шляху. Вясна! Гэта палі, дзе адразу пасля снегу пачынае рунець аксамітнае покрыва азіміны, а першацветы імкнуцца датыкнуцца вытанчанымі пялёстачкамі да цёплага ветрыку. Гэта вербалозы з махрыстымі каткамі. Яны, жоўтыя пухнацікі, нібыта на ўрачыстасці, запальваюцца вабнымі агеньчыкамі. І гэта сведчыць пра нараджэнне новага ў прыродзе. І гэтае новае шчодра разлівае ўсюды сваю духмянасць.

Вясна! Набрынялыя пупышкі лопаюцца і ператвараюцца ў маладзенькія, вельмі прыемныя для вока, лісцікі, што чымсьці нагадваюць нефрытавыя ўпрыгожанні. Лісцікі хутка растуць, і з кожным днём становяцца ўсё большымі і большымі. Паступова гэтая аздоба на дрэвах пачынае ціхенька дзынькаць непаўторным перазвонам. Птушкі падхопліваюць мелодыю – і ўжо сімфонія вялікага зладжанага аркестра гучыць на поўную моц. Вясна наведвае кожны куточак, і кожная мясцінка вітае яе.

 

Матылёк

Невялікі трохкутнічак цёмнага колеру моцна прыляпіўся да пачка з насеннем кропа. Спачатку і не разабраць, што гэта такое. Два доўгія вусікі тырчаць у розныя бакі. Танюсенькія нітачкі завяршаюцца прадаўгаватымі маленькімі зернейкамі. Здаецца, што гэта звышадчувальны прыбор, які рэагуе на гукі і святло. Магчыма, так яно і ёсць.

Вясновае сонейка заглядвае ў акно. Яго праменьчыкі паволі рухаюцца па стале і ўжо асвятляюць пачкі з насеннем, дзе на зялёнай сцяблінцы моцна трымаецца наш незнаёмец. Ён, пэўна, пераблытаў прыгожы малюнак са сцяблінкамі, якія растуць у агародчыку.

Праменьчык сонейка паступова асвятляе стол і ўжо зачапіўся за верхавінку трохкутнічка, а праз некаторы час трапіў пад яркае святло. І тут адбылося дзіўнае – крыльцы раскрыліся. Цуд перад намі! Матылёк! Вельмі прыгожы. Здаецца, што ўсе фарбы вясёлкі размясціліся на ім. Ды і сам матылёк падобны на вясёлую істоту. Чырвоныя, аранжавыя колеры з чорнымі, сінімі кружочкамі – на крыльцах. А ў кружочках, нібы пёркі рознакаляровага паўліна пераліваюцца. І кожны кружочак – адметны: мае сваю афарбоўку і малюнак.

Праменьчыкі сонейка перамясціліся на другі бок стала. Наш матылёчак зноў склаў свае крыльцы і застыў у нерухомасці.

 

Вясна ў маім двары

Сярэдзіна мая. Сёлета вясна трохі прыпазнілася, і менавіта цяпер усё наваколле дружна цвіце і зялянее. Цяпло робіць цуды на зямлі: радасць у выглядзе зялёных фарбаў і вясновых красак кранае моцна сэрца. Нараджаецца новае, якое, бы тое немаўля, пяшчотнае, ласкавае, пачынае расці і крочыць па зямлі, цешыць сваімі дасягненнямі, сваім майскім жыццёвым хараством. Май! Велічавая краса! Тонкасць фарбаў і адценняў! Любасць і трапятанне ў душы. Хуткія прыродныя змены.

Зараз, пасля першага майскага дажджу, усё ў вільготнай кранальнай узнёсласці. Да чаго ж прыгожа ў маім двары! Вось вялікі круглы куст бэзу падрыхтаваў свае светла-фіялетавыя суквецці да юбілею кагосьці з жыхароў дома, а водар, што далёка расцякаецца па акрузе, надае яшчэ большай святочнасці.

Элегантны каштан рыхтуецца да рамантычнага спаткання. Ён пачынае правяраць свае свечачкі-пірамідкі, якія знізу ўжо густымі маленькімі пялёстачкамі абкружылі сэрцавінку, і хутка, у вызначаны час, запалаюць пяшчотна-бялюткім святлом. Ён у прадчуванні нечага незвычайнага і добрага.

Недалёка ад каштана прымярае новае ўбранне рабіна-краса. Ядроныя белыя суквецці ахуталі разгалістае дрэва, а яна ўсё незадаволена, ўсё больш і больш каштоўных упрыгожанняў вешае на свае галінкі. Магчыма, чакае, калі прыгажун-каштан запросіць яе на спатканне. Магчыма!?

А непадалёку – высокі-высокі малады дуб. А побач з ім – рослая і прывабная бяроза. Ветрык лагодна гайдае яе вецце. І яна ласкава абдымае дуб сваімі галінамі. Здаецца, што між імі вядуцца вельмі важныя і прыемныя перамовы.

 

Стары яблыневы сад

         Май. Цяплынь. Цвіце стары яблыневы сад. Разгалістыя каржакаватыя дрэвы пераплятаюцца ў вышыні, утвараюць густы цень над зямлёю. Праз бела-ружовую квецень, якая буяе, кіпіць, ледзь прабіваецца сонца і блакіт неба. Здаецца, што вялікая жыццёвая сіла сабралася тут, спакусілася пялёсткавай раскошай, свежай паветранай духмянасцю. Нават вачам стала балюча ад пеністых пурпуровых хваль, над якімі разносіцца пчаліны гуд і над якімі завісаюць пухнатыя чмялі. Яны спачатку кружаць над кветачкамі, быццам выбіраюць прыгажэйшую з іх, а потым надзяляюць увагай кожную. Бясконцае бдзыньканне разносіцца над прасторай. Белыя пялёстачкі паціху злятаюць з яблынь, усцілаюць зямлю пад дрэвамі, дзе сярод шаўкавістай травы ўзвышаюцца сівыя балонікі дзьмухаўцоў. І гэта дзіўна, захапляльна, прыгожа! Стары яблыневы сад – у бялюткім снезе. Ён укрыў аднолькавымі, крыху прадаўгаватымі сняжыначкамі ўсё навакол.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *