Стихотворения Мандик В.А.

                  ***

Я – маленькая планета,

Да жыве ўва мне Сусвет.

Пада мною – попел з ветрам,

Нада мной – шляхі камет.

З трапяткой сваёй арбіты

Мне сысці не страшна. Не.

Я для ўсіх стыхій адкрыта,

Ды не ўсе адкрыты мне.

Адзіноты прысмак горкі,

Нада мной – яе крыло.

Я сваёй далёкай зоркі

Адлюстроўваю святло.

І, спалоненая воляй,

Мару толькі аб адным:

Каб аднойчы наваколле

Азарыць святлом сваім.

                      ***

Тваіх прызнанняў несур’ёзных словы…

Нямы адчай спалоненых вачэй

З усмешкаю сустрэнецца тваёю,

Я вочы адвяду убок хутчэй.

Бязлітасна гуляеш маім лёсам,

Крадзеш дажджамі хмары маіх слёз.

Фантазіі спантанныя дзівосы

Мяне паднімуць зноўку да нябёс.

Ламаеш волю ўсю маю дазвання,

Свядомасцю валодаеш маёй.

Канспекты бездаказнага кахання,

Радкі, салёнай змытыя вадой.

Так крыўдна, што пускаць мяне не хочаш

У свет сваіх жаданняў і надзей.

Ізноў адна я ў цёмных нетрах ночы…

Дзе забыццё? Прыходзь хутчэй, хутчэй…

             Мая зямля

І нам з табой наканавана лёсам

Хадзіць па сцежках гэтае зямлі

І на малой рачулцы з ціхім плёсам

Пускаць у свет гарэзы-караблі.

Блакітам любавацца неабсяжным,

Глядзець, як з каміноў віецца дым,

Заслухвацца, як сумна і паважна

Клякоча бусел у гняздзе сваім.

Тут карані. Святая наша памяць,

Святая повязь з мудрасцю дзядоў.

Забыць яе, зняславіць, апаганіць –

Усё адно, что яд пусціць у кроў.

Зямля мая! Праз вёрсты і праз мілі

Прыйду к табе я. Толькі пазаві.

Без пафасу, патэтыкі і стылю

Хачу табе прызнацца у любві.

                         ***

Сплываў паволі ў вечнасць Млечны Шлях,

Плыла Зямля пад тонкімі абцасамі.

Аскепак шчасця грэўся на руках,

Штось абяцаў, глядзеў вачыма ласымі.

Я шчасце прыціскала да грудзей,

Тугое, трапяткое – толькі б выспеліць!

Баялася: а раптам прападзе?

А раптам з рук няўмелых вёртка выскачыць?

Вакол мяне кружыўся зарапад,

І галава кружылася захмелена.

Я верыла: не вернецца назад

Усё, што мной забыта і адменена.

І ўсё было так хораша тады,

Так дзіўна, непадобна, непадкуплена,

Што я не заўважыла, як ты

Падкрадываешся крокамі нячутнымі.

Зацята змоўклі зоркі ў вышыні.

Шапталі вусны горача, спакусліва:

“Каханая, даверся, абдымі…”

І вось грахоўны яблык я надкусываю.

…Сплываў паволі ў вечнасць Млечны Шлях,

Маёй не абцяжараны малітваю.

Я грэлася ў няшчырых тых руках,

А шчасце побач плакала разбітае.

                                   ***

Адрынаю той час, калі поцемкам пішуцца вершы

Ва ўтрапёнасці, у безвыходнасці, у цішыні.

Не апошнім вар’яцтвам, але ж, безумоўна, не першым

Марна прагну душу саржавелым замком зачыніць.

Марна, марна…Малюся на гэту жыццёвую марнасць,

Бо, пакуль яна ёсць, — не раблю накаранняў на лёс.

Ненавіджу да вершаў няўтольна пакутную прагнасць,

Але ёй і жыву. Не хаваю ні смеху, ні слёз.

Адчынаю той час, што прыносіць з сабой разуменне

Немагчымасці выправіць здраду, і пошасць, і… смерць.

І маленнем, нязгвалачаным словам шукаю збавення,

А знайшоўшы, кідаю ў прысак гарачы сатлець.

І заходжу ў будзёнасць, хаваючы вочы і сэрца

Ад таго, што ў іх творыць цяпло, ці агонь, ці пажар.

Адчынаючы, зноўку спрабую радкамі сагрэцца,

Бласлаўляю святую бяздарнасць ці д’ябальскі дар.

                       ***

Ці то людзі, ці то д’яблы,

Ці то цемра, ці святло?

Проста нервы ўжо аслаблі,

Проста шчасце адцвіло.

Неспавітая пяшчотай,

Ненароджаная ў снах,

Я кружуся ў калаўроце

Марных дзён, нібыта птах.

Спапялёная трывогай,

Занябытая ў журбе,

Я шукаю прагна Бога

Як не ў людзях, то ў сабе.

Обсуждение закрыто.