Проза Салата И. А.
Красавіцкая раніца Раніца. Пачатак красавіка. На захадзе відаць абрысы бляклага, амаль празрыстага месяца. Здаецца, што ён уцякае ад асляпляльных промняў сонца, якое толькі што ярка запаліла свой вогненны дыск, і рашуча пачынае дзённую вандроўку па хвалях бяскрайняга неба. А месяц становіцца ўсё меншым і меншым, нібы размываецца ў ранішнім блакіце, і хутка зусім знікае. У нізінах шызы туман паступова рассейваецца, быццам дае дарогу промням, якія ўпэўнена прабіваюцца праз яго бязважкую заслону. І вось перад вачыма паўстае срэбная роўнядзь аксамітных палёў, дзе невялікая сямейка ланяў харчуецца азімінай. Да чаго ж яны вабныя ў ранішняй смузе! Жывёлы зусім не адчуваюць небяспекі…
